Вялікае княства Літоўскае пад час інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай у Расійскую дзяржаву 1609–1618 гг.
У статті розглядається інтервенція Речі Посполитої в Російську державу у 1609– 1618 рр. Особлива увага приділяється ролі Великого князівства Литовського у східному зовнішньополітичному напрямі Речі Посполитої....
Збережено в:
Дата: | 2010 |
---|---|
Автор: | |
Формат: | Стаття |
Мова: | Belarusian |
Опубліковано: |
Інститут історії України НАН України
2010
|
Назва видання: | Український історичний збірник |
Теми: | |
Онлайн доступ: | http://dspace.nbuv.gov.ua/handle/123456789/100259 |
Теги: |
Додати тег
Немає тегів, Будьте першим, хто поставить тег для цього запису!
|
Назва журналу: | Digital Library of Periodicals of National Academy of Sciences of Ukraine |
Цитувати: | Вялікае княства Літоўскае пад час інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай у Расійскую дзяржаву 1609–1618 гг. / А. Дземідовіч // Український історичний збірник — 2010. — Вип. 13, ч. 1. — С. 68-82. — Бібліогр.: 87 назв. — біл. |
Репозитарії
Digital Library of Periodicals of National Academy of Sciences of Ukraineid |
irk-123456789-100259 |
---|---|
record_format |
dspace |
spelling |
irk-123456789-1002592016-05-20T03:03:00Z Вялікае княства Літоўскае пад час інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай у Расійскую дзяржаву 1609–1618 гг. Дземідовіч, А. Історія середньовіччя і раннього часу У статті розглядається інтервенція Речі Посполитої в Російську державу у 1609– 1618 рр. Особлива увага приділяється ролі Великого князівства Литовського у східному зовнішньополітичному напрямі Речі Посполитої. В статье рассматривается интервенция Речи Посполитой в Российское государство в 1609–1618 гг. Особое внимание обращается на роль Великого княжества Литовского в восточном внешнеполитическом направлении Речи Посполитой. The article is devoted to intervention of the Polish-Lithuanian Commonwealth in the Russian State in 1609–1618. The special attention is paid to the role of the Great Duchy of Lithuania in the eastern orientation of the foreign policy of the Polish-Lithuanian Commonwealth. 2010 Article Вялікае княства Літоўскае пад час інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай у Расійскую дзяржаву 1609–1618 гг. / А. Дземідовіч // Український історичний збірник — 2010. — Вип. 13, ч. 1. — С. 68-82. — Бібліогр.: 87 назв. — біл. 2307-5848 http://dspace.nbuv.gov.ua/handle/123456789/100259 «1609–1618» be Український історичний збірник Інститут історії України НАН України |
institution |
Digital Library of Periodicals of National Academy of Sciences of Ukraine |
collection |
DSpace DC |
language |
Belarusian |
topic |
Історія середньовіччя і раннього часу Історія середньовіччя і раннього часу |
spellingShingle |
Історія середньовіччя і раннього часу Історія середньовіччя і раннього часу Дземідовіч, А. Вялікае княства Літоўскае пад час інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай у Расійскую дзяржаву 1609–1618 гг. Український історичний збірник |
description |
У статті розглядається інтервенція Речі Посполитої в Російську державу у 1609–
1618 рр. Особлива увага приділяється ролі Великого князівства Литовського у східному
зовнішньополітичному напрямі Речі Посполитої. |
format |
Article |
author |
Дземідовіч, А. |
author_facet |
Дземідовіч, А. |
author_sort |
Дземідовіч, А. |
title |
Вялікае княства Літоўскае пад час інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай у Расійскую дзяржаву 1609–1618 гг. |
title_short |
Вялікае княства Літоўскае пад час інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай у Расійскую дзяржаву 1609–1618 гг. |
title_full |
Вялікае княства Літоўскае пад час інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай у Расійскую дзяржаву 1609–1618 гг. |
title_fullStr |
Вялікае княства Літоўскае пад час інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай у Расійскую дзяржаву 1609–1618 гг. |
title_full_unstemmed |
Вялікае княства Літоўскае пад час інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай у Расійскую дзяржаву 1609–1618 гг. |
title_sort |
вялікае княства літоўскае пад час інтэрвенцыі рэчы паспалітай у расійскую дзяржаву 1609–1618 гг. |
publisher |
Інститут історії України НАН України |
publishDate |
2010 |
topic_facet |
Історія середньовіччя і раннього часу |
url |
http://dspace.nbuv.gov.ua/handle/123456789/100259 |
citation_txt |
Вялікае княства Літоўскае пад час інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай у Расійскую дзяржаву 1609–1618 гг. / А. Дземідовіч // Український історичний збірник — 2010. — Вип. 13, ч. 1. — С. 68-82. — Бібліогр.: 87 назв. — біл. |
series |
Український історичний збірник |
work_keys_str_mv |
AT dzemídovíča vâlíkaeknâstvalítoŭskaepadčasíntérvencyíréčypaspalítajurasíjskuûdzâržavu16091618gg |
first_indexed |
2025-07-07T08:34:37Z |
last_indexed |
2025-07-07T08:34:37Z |
_version_ |
1836976471858479104 |
fulltext |
68
Український історичний збірник, Вип. 13, 2010
УДК «1609–1618»
Алена Дземідовіч∗∗∗∗
ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ
ПАДЧАС ІНТЭРВЕНЦЫІ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ
У РАСІЙСКУЮ ДЗЯРЖАВУ1609–1618 гг.
У статті розглядається інтервенція Речі Посполитої в Російську державу у 1609–
1618 рр. Особлива увага приділяється ролі Великого князівства Литовського у східному
зовнішньополітичному напрямі Речі Посполитої.
В статье рассматривается интервенция Речи Посполитой в Российское государство в
1609–1618 гг. Особое внимание обращается на роль Великого княжества Литовского в
восточном внешнеполитическом направлении Речи Посполитой.
The article is devoted to intervention of the Polish-Lithuanian Commonwealth in the Russian
State in 1609–1618. The special attention is paid to the role of the Great Duchy of Lithuania in the
eastern orientation of the foreign policy of the Polish-Lithuanian Commonwealth
Традыцыйна адносіны паміж паміж Вялікім княствам Літоўскім (а пазней –
Рэччу Паспалітай) і Расійскай дзяржавай характарызаваліся варожасцю і пастаян-
ным суперніцтвам за лідэрства ва ўсходнееўрапейскім і балтыйскім рэгіёнах.
Падзеі пачатку XVII ст. не з’явіліся выключэннем. Наяўнасць заканамерных скры-
тых імпульсаў супрацьстаяння, якімі спрадвечна суправаджаліся ўзаемастасункі
краін, непазбежна прыводзіла да жадання адной з іх скарыстаць цяжкі стан другой
на сваю карысць. Так, у першым дзесяцігоддзі XVII ст. Рэччу Паспалітай былі
праігнараваны ўмовы мірнага пагаднення, заключанага Львом Сапегай у 1601 г. з
расійскім бокам.
Пэўныя палітычныя абставіны, у якіх апынулася Расійская дзяржава падчас
смуты (хісткае трыманне Васіля Шуйскага на прастоле, баярская апазіцыя, дзеянні
Ілжэдзмітрыя II), падаліся манарху Рэчы Паспалітай зручным момантам для
рэалізацыі актуальных мэтаў: як мінімум – вяртання Смаленскай зямлі, у лепшым
выпадку – падпарадкавання суседняй дзяржавы.
На Варшаўскім вальным сойме 1609 г. праблема вайны з Расіяй была
абмеркаваны толькі на паседжаннях сенату, а таксама на тайнай нарадзе сенатараў
з манархам. Ідэя была ў агульным зацверджана сенатарамі. «Маскоўская экспеды-
∗ Дземідовіч Алена – аспірантка Білоруського державного університету.
Науковий керівник – доктор історичних наук Лойка П. А.
69
цыя была адобрана…На поўным сходзе меркаванні ўсіх сенатараў, за
выключэннем толькі траіх ці чацвярых, згодны былі ў тым, каб я. в. кароль не
ўпускаў такога выпадку» – паведамляюць запіскі гетмана Станіслава Жалкеўс-
кага1. Дакладна вядома, што актыўна агітаваў за вайну з Расійскай дзяржавай
канцлер ВКЛ Леў Сапега. Як падкрэслівае К. Кагнавіцкі, «меў ён перад сабою не
толькі інтарэсы ўласнага роду, але і цэлай правінцыі Літоўскай важны ў тым
інтарэс»2. Сапраўды, Сапега меў уладанні на Смаленшчыне і, па сутнасці, мог
быць зацікаўлены ў вяртанні акрэсленай тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Аднак, яго
актыўна-станоўчая пазіцыя ў дадзеным пытанні не была аднаасобнай на сойме
1609 г. Варта адзначыць, што сярод прадстаўнікоў Княства былі тыя, хто
сумняваўся ў поспеху справы і, наогул, у яе патрэбе. Да ліку апошніх адносіцца
асоба ваяводы віленскага Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, які прадбачыў
негатыўныя вынікі вайны3. Па гэтай прычыне Радзівіл ледзь не стаў ворагам
канцлера ВКЛ.
Непрыхільным стаўленнем да выправы супраць Масквы вылучаліся гетман
ВКЛ Ян Караль Хадкевіч, а таксама кашталян віленскі Геранім Хадкевіч4. За
вайну, апроч Льва Сапегі, выступілі маршалак ВКЛ Крыштаф Дарагастайскі5, які
адзначыўся на сойме 1605 г. як праціўнік канфлікту з Расіяй; біскуп віленскі
Бенедыкт Война, стараста веліжскі Аляксандр Гасеўскі6.
Можна сказаць, што пытанне «быць ці не быць вайне з Расійскай дзяржавай»
раскалола палітычную эліту Рэчы Паспалітай, у тым ліку і ВКЛ. Калі яшчэ на
працягу некалькіх гадоў пасля дыпламатычнай місіі Л. Сапегі магнатэрыя
сцерагла ўважліва мірныя адносіны з усходнім суседам і клапацілася, каб ніякім
чынам не выклікаць падазронасць у Масквы ў недобразычлівых намерах, то ў
1609 г. з яе кола вылучаюцца актыўныя «саюзнікі» Жыгімонта ІІІ Вазы ў справе
навядзенне парадку ў Расіі.
Аб’ектыўна Рэч Паспалітая не была падрыхтаванай да вайны: недахоп грошай,
вайна са Швецыяй, небяспека ад Турцыі, унутрыпалітычныя праблемы былі
ўласцівы дзяржаве на той час. Аднак, усё ж такі вальным соймам 1609 г. былі
ўхвалены падаткі. Прычым, выправа супраць Масквы не ўзгадвалася ў якасці
прычыны ўхвалення пабораў, а ўказвалася, што гэта неабходна на «прадухіленне
розных небяспек, і на падтрымку вайны Інфлянтскай»7.
У жніўні 1609 г. Жыгімонт ІІІ Ваза на чале арміі перасек межы Расійскай
дзяржавы. Кампанія пачалася з аблогі Смаленска ў верасні 1609 г.8, які знаходзіўся
ў складзе Расійскай дзяржавы з 1514 г. Зразумела, што вяртанне гэтых зямель мела
вялікае значэнне для ўсёй Рэчы Паспалітай, але найбольш для ВКЛ, што часткова
тлумачыць станоўчую пазіцыю канцлера ВКЛ Льва Сапегі падчас сойма 1609 г. у
пытанні распачынання канфлікту з усходнім суседам. Напярэдадні выправы
ўзнікалі непаразуменні і спрэчкі паміж гетманам польным каронным С. Жалкеў-
скім, які прапаноўваў адразу паход на Маскву, і канлерам ВКЛ, які катэгарычна
настойліваў на першасным узяцці Смаленска.
Заўважым, што авалодаць горадам было надзвычай складана: з канца 80-х
гадоў XVI ст. вакол Смаленска будавалася моцная каменная сцяна, была ўзведзена
70
адмысловая фартыфікацыйная сістэма. Адным словам, рабілася ўсё неабходнае
для таго, каб любы наступ польска-вялікакняскага войска разбіўся аб гэту цвержу.
Аднак у 1609–1611 гг. моц Смаленска была не толькі ў высокіх каменных мурах.
Гарнізон пад кіраўніцтвам ваяводы М.Б. Шэйна і мясцовыя жыхары адчайна
абаранялі горад. Аблога Смаленска зацягнулася.
Тым часам адбыўся шэраг падзей, які першапачаткова садзейнічаў планам
манарха Рэчы Паспалітай: распад тушынскага лагера, прынясенне прысягі пад-
даных Расіі Жыгімонту ІІІ, бліскучая Клушынская перамога (4 ліпеня 1610 г.),
дэтранізацыя В. Шуйскага. 27 жніўня 1610 г. паміж «сямібаяршчынай» і гетманам
Жалкеўскім быў заключаны дагавор аб афіцыйным прызнанні Уладзіслава царом.
Ён у асноўным паўтараў умовы папярэдняга пагаднення Жыгімонта ІІІ, заключа-
нага ім з «тушынскімі» баярамі 14 лютага. Аналіз абодвух пагадненняў дае
падставы расцэньваць іх як імкненне заключыць звычайны ваенны саюз (і не
больш) з умовай выбрання на маскоўскі прастол каралевіча Уладзіслава. Не
ўдаючыся ў падрабязнасці заўважым, што большая частка артыкулаў дагавораў
была цалкам на карысць Расіі, абязуючы Уладзіслава «прытрымлівацца
праваслаўя, адміністратынага парадку і саслоўнага ладу Масквы»9. Жалкеўскі
прытрымліваўся канцэпцыі ўрэгулявання адносін з Расіяй саюзніцкім шляхам,
дасягненне якога было магчыма ў выпадку заняцця царскага трона каралевічам
Уладзіславам, а не яго бацькам.
Па прычыне рознага бачання плана дзеянняў каралеўскі абоз аказаўся
падзелены на дзве партыі. Адна з іх на чале з Сапегай, лічыла самым галоўным
дасягнуць рэальнага поспеху – здабычы Смаленска, а потым і Масквы, другая
(Жалкеўскі на чале) – аддавала перавагу разважанням аб царскім троне, і, адпа-
ведна, прыкладала намаганні для яго дасягнення шляхам перамоў і дагавораў10.
Тым не менш, са згоды баяр у верасні 1610 г. войска на чале з С. Жалкеўскім
заняло сталіцу Расіі – Маскву. Аднак, гэты факт далёка не вырашаў пытання аб
зыходзе вайны. Нагадаем, што зацяжная аблога Смаленска ўскладняла сітуацыю
па прычыне разыходжання пункта жнівеньскага дагавора Жалкеўскага (якім
кіравалася Масква, ігнаруючы лютаўскі дагавор Жыгімонта ІІІ) аб спыненні
ваенных дзеянняў і зняцця аблогі са Смаленска з рэчаіснасцю. Працягваліся
спрэчкі і ваганні аб далейшых дзеяннях. Між іншым, сярод акружэння манарха
Рэчы Паспалітай пачалі з’яўляцца праціўнікі далейшай ваеннай экспансіі. Да
меркавання гетмана Жалкеўскага, які жадаў ўрэгуляваць адносіны шляхам
перамоў далучыўся Леў Сапега11. Сітуацыя ўскладнялася тым, што Жыгімонт не
дапускаў сына да маскоўскага трону. Ён сам прэтэндаваў на царскі прастол.
Жалкеўскі, у выніку непаразумення з манархам, і не маючы магчымасці ўплываць
на маскоўскія справы адпаведна свайму ўяўленню, пакідае абоз пад Смаленскам.
У выніку двухгадовай аблогі, 13 чэрвеня 1611 г. Жыгіонт ІІІ авалодаў горадам.
Такім чынам, на той час Рэч Паспалітая валодала і Масквой, і Смаленскам, што
было безумоўным поспехам.
У хуткім часе павінен быў адбыцца сойм, на якім планавалася вырашыць шэраг
праблем, у тым ліку і пытанне аб вайне з Расіяй і таксама аб яе матэрыяльным
71
забеспячэнні. Заўважым, што дзяржаўны скарб Рэчы Паспалітай пакутваў ад
недахопу сродкаў. У прыватнасці, даходы скарбу ВКЛ за перыяд 1609–1611 г. склалі
555 111 злотых, а выдаткі – 644 213 злотых12. Дэфіцыт у 89 102 зл. сведчыў аб
крытычным фінансавым стане дзяржавы.
Прадсоймавыя соймікі ВКЛ так адрэгавалі на маскоўскую справу. Падтрым-
ліваючы, у прынцыпе, памкненні манарха на ўсходнім накірунку, ашмянская
шляхта зафіксавала 15 жніўня 1611 г.: «Паслам нашым разам з усімі станамі сойму
належыць пераконваць, каб лепш шляхам дагавораў, а не вайной з Масквой кароль
яго міласць там народ да падданства свайго прыводзіў»13. Пацыфісцкі настрой
выказала і шляхта Мінскага павета, папярэджваючы, «…каб у далешым без згоды
соймавай Рэчы Паспалітай такая вайна згодна з даўнімі правамі не пачы-
налася…»14. Вельмі негатыўна аднеслася полацкая шляхта да ваеннай кампаніі,
дамагалася даведацца, хто параіў пачаць вайну, і ўскласці яе кошты на вінаватых.
Падобнай пазіцыі падтрымліваўся і соймік ноўгародскі15. Іначай меркавала шляхта
віленская, якая ўхваліла некалькі падаткаў на гэтую справу: «паслы нашы… паста-
наўляюць пабор звычайны адзін, другі, трэці на падтрымку далейшай вайны»16.
Неабходна заўважыць, што адваяванне Смаленскай зямлі Рэччу Паспалітай
выклікала спрэчкі і канфлікт паміж ВКЛ і Каралеўствам Польскім па прычыне
ўзнікненне пытання аб яе прыналежнасці. Так, інструкцыя Ашмянскага павета на
гэты конт мела наступы змест: «Смаленск, які з ласкі Божай і шмат замкаў
Северскай зямлі стараннем я. к. м. вернуты. Неабходна прасіць і дамагацца, каб
адпаведна прысягі продкаў я. к. м. і самога я. к. м. да той жа дзяржавы ВКЛ як
уласнасць былі вернуты. І каб кожны, каму што здаўна у той правінцыі належыла і
на што справядліва права прад’явіць, каб пры сваім заставаўся»17.
Падобным настроем прасякнута інструкцыя Віленскага павета паслам Я. Сапе-
ге і Я. Чыжу ад 15 жніўня 1611 г. «Смаленск і ўся зямля Северская раней
належыла Вялікаму княству Літоўскаму, каб і цяпер з ласкі Божай пасля вяртання
я. к. м. да той жа дзяржавы адпаведна права і прывілеяў вернута была»18.
На сойме 1611 г. узнік сапраўдны канфлікт на гэтай глебе. Палякі сталі
прэтэндаваць на пасады ў набытых землях (у першую чаргу гаворка ішла аб
узначальванні смаленскага ваяводства)19. У тым жа годзе Жыгімонт выдаў
прывілей, які надзяляў некаторых палякаў зямельнымі ўгоддзямі на Смален-
шчыне і Севершчыне, тым самым наносячы ўрон інтарэсам ліцвінскай знаці ў
дадзеным рэгіёне.
Леў Сапега выступіў з пратэстацыяй, у якой у дастаткова доказнай форме
абгрунтаваў бясспрэчнае права на валоданне ВКЛ дадзенай тэрыторыяй20. У лісце
да Януша Радзівіла пісаў 25 снежня 1611 г.: «Браты нашы палякі канстытуцыю
напісалі народу нашаму шкодную і гэты фундамент канстытуцыі залажыўшы,
назвалі яго дыпломам, прывілей напісалі сабе на Смаленск і на іншыя правінцыі і
замкі, што гэта ім кароль падаруе, што ў Маскве возьме, вымушаны быў пратэста-
цыю супраць той канстытуцыі і супраць таго дыплома ўчыніць…»21.
Нягледзячы на невельмі ўдалую прадсоймавую кампанію Жыгімонта ІІІ і на
супярэчнасці на сойме адносна ўсходніх спраў, неабходна канстатаваць, што ідэя
72
працяга вайны была адобрана22. Такія асобы як кракаўскі біскуп П. Тыліцкі,
канцлер Каралеўства Польскага В. Гембіцкі, кіеўскі біскуп К. Казімерскі, плоцкі
біскуп М. Шышкоўскі, кашталян каліскі А. Стадніцкі, каронны падканцлер
Ф. Крыйскі адназначна падтрымалі манарха, падкрэсліўшы правільнасць яго
дзеянняў. Непрыхільным стаўленнем да працягу вайны адзначыўся Леў Сапега23.
18 снежня 1611 г. Рэччу Паспалітай было прынята пасольства з Расіі ад
баярскай думы на чале з Юрыям Трубяцкім, Міхаілам Салтыковым-Марозавым і
Васіліям Янавым. Мэтай пасольства з’яўляліся перамовы аб узвядзенні
Уладзіслава на царскі прастол. Паслы прасілі Жыгімонта, каб ён, адпаведна сваім
абяцанням і зацверджанай прысягі кароннага гетмана, разам з сынам ішоў да
Масквы24. Прагучала таксама папярэджванне, што неабходна асцерагацца, каб пры
непаспешным адпраўленні я. к. м. з сынам да Масквы, руская дзяржава не
распалася на розныя часткі. Зразумела, што паслы падкрэслілі, што жадаюць
бачыць на прастоле асобу толькі каралевіча Уладзіслава: «…апроч каралевіча
нічым іншым дзяржава супакоіцца не можа»25.
Жыгімонт ІІІ у выніку доўгіх разважанняў і сумненняў універсалам ад 3 сакавіка
1612 г. абвясціў свайго сына Уладзіслава царом Расійскай дзяржавы, і стаў збірацца ў
адпаведную выправу, якая зацягвалася з-за недахопу сродкаў, хваробы каралевіча.
Аднак, сітуацыя ў Маскве ўскладнялася. Пачала ўздымацца хваля народнага
паўстання, узрасталі антыпольскія настроі і выступленні. Польска-ліцвінскі
гарнізон у Крамлі, узначалены Аляксандрам Гасеўскім пазнаваў розныя цяжкасці:
аблогі, голад, разлажэнне дысцыпліны. Да таго ж, Рэч Паспалітая не мела
магчымасці выплаціць жалавання гэтым жаўнерам. Не змог выратаваць сітуацыю
гетман ВКЛ Ян Караль Хадкевіч, які яшчэ раней быў накіраваны Жыгімонтам ІІІ
для кантроля над сітуацыяй. Войска неаднаразова звярталася да караля з просьбай
аб дапамозе. Летам 1612 г. салдаты А. Гасеўскага пакінулі Маскву, напярэдадні
аб’явіўшы 7 студзеня канфедэрацыю.
Усяго толькі прыкладна год спатрэбіўся, каб Рэч Паспалітая пачала
пазбаўляцца ад паслясмаленскай эйфарыі. Дастаткова выразна стала зразумела, і
палітычнай эліце, і манарху, што вайна не можа скончыцца паспяхова. У якасці
прычын гэтага могуць выступіць тры рэчы, на якія звярнуў увагу яшчэ Гембіцкі ў
сваім разважанні каралю адносна далейшых маскоўскіх спраў. А менавіта:
недахоп грошай, вайсковыя канфедэрацыі ў Маскве, і ў рэшце рэшт – «халод-
насць» Масквы26. Сапраўды, спрыяльны час быў страчаны.
Паход Жыгімонта на Маскву быў запознены і бессэнсоўны. 7 лістапада 1612 г.
па прычыне невыноснага голаду і адсутнасці дапамогі адбылася капітуляцыя
крамлёўскага гарнізона Рэчы Паспалітай. Вайсковыя злучэнні, а разам з тым і
ўсходняя палітыка Жыгімота ІІІ Вазы пацярпелі паражэнне ў супрацьстаянні з
народным апалчэннем на чале з К. Мініным і Дз. Пажарскім.
Праблемы, якія прынесла няўдалая інтэрвенцыя і настрой шляхецтва ВКЛ
выдатна адлюстравала чарговая прадсоймавая кампанія. З аналізу інструкцыі
Мінскага ваяводства выразна бачны пытанні, якія хвалявалі шляхту. Па-першае,
гэта «каб мір унутраны найгрунтоўней быў забяспечаны»27. Па-другое, мінская
73
шляхта аддавала перавагу заканчэнню маскоўскай вайны шляхам «дагавораў з
вечным мірам»28. Па-трэцяе, істотнай была справа падаткаабкладання. Урэшце
рэшт, інструкцыя патрабавала пакараць ініцыятараў вайны: «Каб свавольныя
людзі, якія з’явіліся прычынай гэтай вайны, пралівання крыві браці нашай і
прынясення ганьбы на на народ наш…адразу ж пакараны былі» 29. Апошняе было
рэфлексіяй на адпаведны пункт каралеўскай прадсоймавай інструкцыі, у якім
манарх імкнуўся плынь чакаемай крытыкі за непаспяховую ваенную кампанію
перавесці на «сапраўдных» пачынальнікаў вайны (самазванцаў і іх паплечнікаў).
Падобны мінскай утрымлівала наказ і ашянская шляхта: «Вайна з Масквой з
вялікім небяспячэнствам Рэчы Паспалітай учынена, па чыей радзе і кіраўніцтвам
старанна даведацца»30. Што датычыцца заканчэння вайны, інструкцыя прадпісвала
раіцца з усімі станамі дзяржавы, пры гэтым узгадвалася магчымасць заключэння
дагавора, і падкрэслівалася, што неабходна гэта пастанавіць «…з дабром Рэчы
Паспалітай і Айчызны нашай»31. Гэты ж дакумент ўтрымлівае цікавае назіранне,
што «ад унутранага пакою ў кожнай Рэчы Паспалітай (дзяржаве – А. Д.) моц
залежыць, калі ён парушаны – знешнім небяспекам супрацьстаяць цяжка»32.
Прапаноўвала знайсці пэўную пагрозу на тых, хто самавольна войска збірае і
пакой з памежнымі дзяржавамі парушае таксама шляхта Троцкага павета33.
Праз некалькі год у студзеньскіх соймікавых інструкцыях на вальны сойм
1613 г. знайшла адгалосак праблема прыналежнасці Смаленска. «…У
Канстытуцыі сойму мінулага 1611 года запісана, што на Княства Смаленскае і на
землі Северскія выданы дыплом з канцэлярыі я. к. м. Кароннай, які адлучае гэта
Княства Смаленскае і Зямлю Северскую ад ВКЛ…І пратэстацыя там жа на сойме
яснавяльможнага я. м. пана Льва Сапегі канцлера ВКЛ здзейснена, і прывілеі ўсе
на гэтае Княства Смаленскае і на зямлю Северскую і іншыя землі выражаны былі,
абы Я. М. Пан наш згодна павіннасці і прысягі сваёй… гэты дыплом да канцэ-
лярыі ВКЛ вярнуў і скасаваць загадаў, таксама каб і Канстытуцыю сойму мінулага
ў тым параграфе адмяніў. А тое Княства Смаленскае і Зямлю Северскую павагай
соймавай і прывілеем ВКЛ як частку цела вярнуць і аддаць» – паведамляла
інструкцыя мінскага ваяводства34. Ашмянская шляхта прадпісвала сваім паслам
Янушу Радзівілу і Яну Корсаку наступнае: «Смаленск і Северская зямля вернутыя,
каб згодна з даўнімі правамі і прывілеямі да ВКЛ інкарпараваны былі. А дыплом
на мінулым сойме ў Канстытуцыю ўключаны, каб скасаваны быў»35.
Неспакойным быў і сам сойм. На паседжаннях у пасольскай ізбе прадстаўнікі
ВКЛ дамагаліся дазнання прозвішчаў вінаватых у распачынанні вайны, што
адпавядала соймікавым інструкцыям. У рэшце рэшт, рашэннем сойму было закон-
чыць вайну заключэннем дагавора.
Цікавым было выступленне на Варшаўскім сойме канцлера ВКЛ. Леў Сапега
выступіў з прамовай у якой шкадаваў аб няўдачнай выправе на Маскву: «… І
прастол, і ўсё гаспадарства маскоўскае з рук выпушчана і дарэмна страчана… Рэч
Паспалітая ўцягнута ў вечную вайну з гэтым народам і ў вялікія небяспекі з іншых
бакоў… Дазнацца бы трэба дасканала, як гэта здарылася? Па чыёй радзе? Хто
гэтаму прычына?». Далей канцлер ставіць пытанні: чаму быў адхілены ад спраў
74
гетман Жалкеўскі; чаму паслалі ў Маскву гетмана ВКЛ (Я.К. Хадкевіча – А. Д.),
які не ведаў прысягі расійскага народа на імя Уладзіслава і патрабаваў, каб была
здзейснена прысяга на імя Жыгімонта ІІІ; навошта і зведама каго было нанята
нямецкае войска. Асудзіў дарадцаў караля Патоцкіх36.
Па-рознаму можна інтэрпрэтаваць выступленне на сойме Льва Сапегі. Можна
сцвярджаць, як некаторыя даследчыкі, што гэта было свайго рода апраўданнем за
правальную ўсходнюю кампанію, ініцыятарам якой сапраўды ў 1609 г. з’яўляўся
канцлер37. Аднак, вышэйпералічаныя пытанні, які былі пастаўлены Сапегай перад
соймам даюць падставы сцвярджаць, што на этапе інтэрвенцыі, калі войскі Рэчы
Паспалітай занялі Маскву, найбольш важныя рашэнні прымаліся ўжо не
канцлерам ВКЛ. Акрамя таго, вядома, што Сапега ўжо на сойме 1611 г. з’яўляўся
непрыхільнікам працягу вайны. Так, канцлера можна папракнуць у непасля-
доўнасці і пераменнасці, аднак яму нельга адмовіць у абачлівасці: настойваючы
першапачаткова на інтэрвенцыі, ён, пераканаўшыся ў яе нематазгоднасці,
далучаецца да унійнага варыянта С. Жалкеўскага.
На лютаўскім сойме 1613 г. справа прыналежнасці Смаленскай зямлі
вырашылася на карысць ВКЛ: была ўхвалена «Ардынацыя Смаленскага
ваяводства», якая ўключала акрэсленую тэрыторыю ў склад Княства38.
Ухваленыя падаткі па ўсей Рэчы Паспалітай не магліі задаволіцць прэтэнзій
канфедэратаў, грабежніцкія ўчынкі якіх цярпела дзяржава. Непасрэдна ВКЛ
галоўным чынам пакутвала ад сапежынцаў, смаленскіх жаўнераў, а таксама
выклікалі небяспеку «інфлянцкія». Леў Сапега схільны быў нават унесці падаткі за
падданых, але каб хутчэй пазбавіцца ад сканфедэраванага войска39. У лістападзе
1613 г. Рэч Паспалітая разлічылся з «сапежынцамі». Пры гэтым са сакрбу ВКЛ
было выдадзена 578 402 злотых; каронны ж скарб унёс 378 821 злотых.
На снежань 1613 г. быў прызначаны надзвычайны сойм, які павінен быў
канчаткова вырашыць справу з фінансамі на ўрэгуляванне ваеннага канфлікта з
Расіяй і на заплату сканфедэраванаму войску.
Як заўсёды, рэальны стан спраў аб’етыўна адлюстраваўся ў соймікавых
наказах. Інструкцыя Віленскага ваяводства, дадзеная паслам Аляксандру Халец-
каму і Андрэю Агрыпе дастаткова выразна абрысавала праблемы, якія непакоілі
ВКЛ. «А уж ад Масквы, дзедзічнага непрыяцеля нашага ў вялікім небяспячэнстве
мы знаходзімся; таксама немала ад жаўнера ў канфедэрацыі будучага церпім і ад
казакаў…пад уціскам бываем. Старайцеся Рэчы Паспалітай паслы, каб іх міласць
паны каронныя нас яко браці сваей не ўнікалі, супольнаму небяспячэнству Рэчы
Паспалітай роўна з намі адпор давалі»40. Падобны наказ сведчыць, што існавалі
падставы папракаць шляхту Каралеўства Польскага ў пазбяганні даваць належнае
супрацьстаянне агульным небяспекам і ворагам. Далей ідзе жаданне, каб «вайна
маскоўская сродкамі якімі слушнымі была закончана і мір заключаны»41. У рэшце
рэшт, невыноснасць падатковага націску, выкліканага інтэрвенцыяй таксама
знайшла месца ў дадзеным дакуменце: «Старайцеся таксама паслы каб абарона
Рэчы Паспалітай не з пабораў толькі, якія нам ёсць вельмі цяжкія, але і іншай якой
меры абмеркавана была»42.
75
Вялікае кола пытанняў, звязаных з наступствамі вайны з Расіяй уздымаў змест
інструкцыі Наваградскага ваяводства. Гэта і праблема сканфедэраванага жаўнера, і
казацкіх набегаў ад якіх «шмат мястэчак і вёсак дашчэнту як пасля… ворага
знешняга спустошана»43. Таксама закранаецца тэма распачынання вайны без згоды
ўсёй Рэчы Паспалітай44. Разглядаўся ў інструкцыі і механізм нясення падаткаў і
выплаты войскам45. Дадзены дакумент нібы люстэрка адбіў усе «хваробы», якімі
пакутвала Рэч Паспалітая ў цэлым, і ВКЛ у прыватнасці, падчас ваеннай кампаніі
супраць Расіі. Характэрна, што прамым тэкстам было выказана сумненне ў
карысці гэтага мерапрыемства для ўсёй дзяржавы, пры гэтым падкрэслівалася:
«Рэч Паспалітая церпіць зараз шкоду, але найбольш Айчына наша Вялікае княства
Літоўскае»46. Надзвычай катэгарычна наўгародская шляхта патрабавала скончыць
вайну перамовамі і зрабіць гэта як мага хутчэй47.
Тым не менш, на сойме, які пачаўся 3 снежня 1613 г. стала відавочна, што
атачэнне манарха не адмовілася ад працягу вайны з Расіяй. Дастаткова
характэрным у гэтым плане было выступленне М. Шышкоўскага, а таксама
Ф. Крыйскага, якія імкнуліся апраўдаць Жыгімонта ІІІ, а таксама маніпуляваць
настроямі прысутных з мэтай падтрымкі далейшай інтэрвенцыі48. Катэгарычна
выказаўся супраць дагавораў і Ян Караль Хадкевіч.
Колькасць падаткаў зацверджаная на дадзеным сойме выклікала пратэсты
супраць іх сярод шляхты49. Сутнасць якіх зводзілася да таго, што дастаткова ўжо і
так ухвалена разнастайных пабораў. Абурэнне рэзюміравалася выразам накшталт:
«пратэстуючы аб’яўляем… параграфам універсалу падпарадкоўвацца не
дазваляем і не будзем»50. Заўважыць трэба, што шляхта згаджалася несці тую
частку падаткаў, якую лічыла патрэбнай.
Крытычны стан спраў на землях ВКЛ падчас канфлікту з Расіяй даказваюць
звароты шляхецтва ВКЛ да манарха, да «браціі», якімі азнаменаваўся пачатак
1614 г. Так, ліст Браслаўскага павета да Вількаміра з просьбай аб дапамозе
супраць Масквы, датаваны 22 студзеня 1614 г., выражаў занепакоенасць адносна
таго, што маскоўскае войска ўжо рушыла «…з Невеля, а на гэтых днях, сёння
альбо заўтра да Полацка альбо да Дзісны ці таксама на Друю ўторгнецца. А
потым, сцеражы Пане Божа, і далей ваяваць, дабываць і нішчыць гэтую дзяржаву
будзе»51. Падобным насторем прасякнуты ліст шляхты Ашмянскага павета з
просьбай аб прызначэнні з’езда для прадухілення небяспекам ад непрыяцеля52. У
ім выказваўся клопат аб абароне ўсходніх межаў. Прасіў Жыгімонта ІІІ спыніць
«шкадлівую маскоўскую вайну» і вількамірскі павет, каб дзяржавы, у тым ліку і іх
«Айчнына» ВКЛ не цярпелі знішчэнняў і разбурэнняў53.
Такім чынам, усе наступствы вайны – непасрэдная пагроза нападу праціўніка,
непасільныя падаткі, дзейнасць раскватэраванага войска – сталі відавочны і,
натуральным чынам, выклікалі абурэнне і занепакоенасць сярод шляхецтва ВКЛ.
Належнае абмеркаванні яны знайшлі на студзеньскіх прадсоймавых сойміках.
Інструкцыя Мінскага ваяводства наказвала сваім паслам старацца схіліць усе
станы на сойме «каб тая вайна не шаблей, але дагаворамі супакоена была»54.
Мінскай шляхта валодала звесткамі, што расійскія паслы хочуць весці перамовы
76
аб «вечным міры», і клапацілася каб апошнія былі дапушчаны на сойм і там
знайшлі паразуменне адносна гэтай справы55. Соймік ашмянскі дэклараваў аб
неабходнасці, каб «заспакаенне Айчыны нашай і канец той вайны, і жаданы мір
без урону і ўціску Айчыне нашай з тым ворагам маскоўскім заключаны быць мог
праз дагаворы, да якіх вораг праз пасланцаў сваіх сам схіляецца»56. Прадпісвалася
не згаджацца на ўхваленне большых падаткаў57. З інструкцыі бачны клопат аб
забяспячэнні памежных замкаў (Полацк, Віцебск, Орша), на якіх, як слушна
адзначылі соймікуючыя, «трымаецца сіла Айчыны»58. У тым жа годзе Ковенскі
павет выказаўся за тое, каб «…мір з Масквой з найлепшай карысцю для Рэчы
Паспалітай быў заключаны»59. Узгадваецца тут, дарэчы як і ў папярэдніх
інструкцыях, праблема сканфедэраванага жаўнера60. Закранула ковенская шляхта і
пачатак вайны, не санкцыянаваны ўсімі станамі дзяржавы, а толькі манархам і
сенатам абмеркаваны. Нават, калі вайна была адобрана і пачата з мэтай прыня-
сення Рэчы Паспалітай карысці, «але ж тая рада несвоечасова і не сваім парадкам
да ведама ўсёй Рэчы Паспалітай прыйшла»61. Адзначым, што прадпісвалася
паслам нагадаць, што на Віленскай канвакацыі ў мінуым годзе шляхта ВКЛ
ухваліла для абароны межаў і затрымання Смаленска пэўныя паборы, таму
неабходна «каб таксама і станы Кароны як брація адной Айчыны да таго ж
прыступілі і роўна з намі тых цяжараў насіць памаглі»62. Як бачым, ВКЛ па-
ранейшаму пільна сачыла, каб Каралеўства Польскае не ўхілялася ад выканання
павіннасцяў, неабходных для забяспячэння небяспекі адной дзяржавы, раўна-
праўнымі часткамі якой яны з’яўляліся. Зразумела, што гэта жаданне ўзнікала не
на пустым месцы. Польская шляхта пасля далучэння Смаленска да ВКЛ, намякала,
што справа яго захавання – праблема ВКЛ63. Тым не менш, нельга аспрэчыць той
факт, што забеспячэнне ўсходніх рубяжоў Рэчы Паспалітай (дзе, натуральна,
толькі ВКЛ межавала з Расіяй) не павінна было з’яўляцца клопатам выключна
Княства. Відавочнасць гэтага пацвярджаецца тым, што ідэя вайны прапаган-
давалася далёка не ліцвінамі. Сойм 1615 г. быў безвыніковым.
«З разарваннем сейму, а ні дома парадку, а ні ад знешніх непрыяцеляў Рэчы
Паспалітай абароны ніякай не абмеркавана, і дзяржавы я.к.м. з усіх бакоў шмат
злых і шкодных замыслаў непрыяцельскіх, але асабліва ВКЛ… ужо немала часу
церпіць» – канстатавала 14 красавіка 1615 г. інструкцыя Жыгімонта ІІІ сваім пас-
лам на галоўны з’езд ВКЛ да Вільні64. Паведамлялася аб тым, што нягледзячы на
назначэнне камісараў для заключэння дагавораў з Расіяй, не ўказаны спосабы
бяспекі ні Рэчы Паспалітай, ні гэтых камісараў, нават утрыманне Смаленска і
аховы мяжы не абмеркавана, а таксама па-ранейшаму актуальнай з’яўляецца
праблема свааольных людзей. Зноў жа тут усплыла праблема размежавання нясен-
ня падаткаў паміж ВКЛ Каралеўствам Польскім. Гаворка ішла пра тое, што палякі
адмаўляюцца ад пабораў і падаткаў на абарону Рэчы Паспалітай, сцврджаючы,
што як ВКЛ церпіць ад Масквы, так каронныя землі ад татараў і туркаў ведаюць
небяспеку. Таму ім прыхозіцца свае межы бараніць, а абарона Смаленска нале-
жыць толькі самому ВКЛ65.
77
У прынцыпе, ВКЛ нічога іншага і не заставалася як дбаць аб абароне ўсходніх
межаў, а значыць і аб бяспецы усёй Рэчы Паспалітай. У пастанове галоўнага з’езду
неаднаразова прагучаў папрок у адрас палякаў, якія адпаведна унійнаму саюзу
(Люблінскай уніі – А. Д.), а таксама павіннасці братэрскай павінны быць з ВКЛ ва
ўзаемнай згодзе 66. Шляхта прасіла аб скліканні сойму, каб вырашыць усе пытанні,
настойвала на сканчэнні вайны перамовамі67. Нагадвала манарху, каб былі
дагледжаны належным чынам і забяспечаны людзьмі і ўсім неабходным гарады і
замкі на ўскраінах: Полацк, Віцебск, Мсціслаўль, Гомель, Орша, Веліж і інш., на
якіх стагоддзямі ляжыць бяспека айчыны; каб усе службовые людзі знаходзіліся ў
распаражэнні і пад ведамствам гетмана ВКЛ; а таксама каб «старасты пагранічных
зямель з павіннымі почтамі на замках у небяспечны час жылі»68. З’ездам былі
ўхвалены падаткі на заплату войску, на абарону Смаленска і межаў ВКЛ ад
Масквы і на бяспеку камісарам, высланых на перамовы ад Рэчы Паспалітай69.
У канцы лістапада 1615 г. пачаліся перамовы Рэчы Паспалітай з Расіяй70. На
жаль, закончыліся яны безвынікова: Масква, адчываючы ўласную перавага ў
існуючай сітуацыі, не вельмі спяшалася заключаць дагавор. Улічваючы дадзеную
акалічнасць, Жыгімонт ІІІ зноў акцэнтую ўвагу шляхты на неабходнасці выправы
каралевіча Уладзіслава на Маскву, што, на яго думку, павінна было зрабіць
расійскі бок больш паддатлівымі ў справе перамоў і заключэння міру.
Добра ўсведамляючы, што не існуе іншага выйсця акрамя вышэйзгаданага,
шляхтай ВКЛ была станоўча ўспрынята ідэя ваеннага пахода Уладзіслава IV на
Расію71. Пры гэтым соймікавыя інструкцыі 1616 г. выразна ўдакладнялі мэту
гэтага мерапрыемства. Сутнасць яе зафіксавала слонімская шляхта: «Каб правам
каралевіча народ той да згоды і еднасці з намі прымусіць»72.Прадназначэнне
выправы выявіла і лідская шляхта, падкрэсліўшы, што не жадаюць ніякіх войн
Рэчы Паспалітай, а каралевіча Уладзіслава патрэбна выкарыстаць «там дзе
найбольш абароны і бяспекі Рэч Паспалітая айчына наша патрабуе»73.
На паседжаннях сенату падчас сойму 1616 г. меркаванні амаль усіх прысутных
зыходзіліся на думцы аб неабходнасці падтрымаць выправу каралевіча. Розніліся
толькі мэтамі: для адных – гэта быў шлях да перамоў, для іншых – працяг вайны.
Толькі два сенатары былі катэгарычны супраць паходу каралевіча. Першым з іх
з’яўляўся З. Асалінскі (дарэчы, звяртае на сябе ўвагу яго пасада – ваявода
сандамірскі: кальсьці яе займаў галоўны пачынальнік гэтага канфлікту з Расіяй), які
патрабаваў, каб Уладзіслаў адправіўся лепш на паўдневы ўсход супрацьстаяць
турэцка-татарскаму небяспячэнству, чым на Масвку74. Другім праціўнікам з’яўляўся
падканцлер ВКЛ Геранім Валовіч. Ен адзначыў наступнае: «Маскоўская вайна
прывяла да такой рэчы, што ВКЛ, айчына мая, ад пастаяннага цяжару ваенных
набегаў непрыяцельскіх вельмі сохне». Ён быў салідарным з Асалінскім адносна
таго куды лепш скіраваць вайсквыя злучэнні Рэчы Паспалітай75.
Я. Мацішэўскі сцвярджае, што працяг вайны падтрымлівала вузкае кола
рэгалістаў, да якіх адносіліся Ф. Крыйскі, М. Шышкоўскі, С. Быкоўскі, а таксама
часткова Леў Сапега76.
78
Тым часам у красавіку 1617 г. адбыўся галоўны з’езд ВКЛ, на якім зноў быў
аберкаваны фінансавы бок вайны, зноў жа гучалі заклікі да Каралеўства Польскага
сплаціць падаткі на гэтую справу, бо ВКЛ ўжо не можа трываць такі цяжар. Акрамя
таго, уздымалася пытанне пра заключэнне мірнага пагаднення толькі паміж ВКЛ і
Расіяй. Жыгімонту ІІІ быў прад’яўлены свайго рода ўльтыматум: ці ён належным
чынам сцеражэ межы ВКЛ, ці дазваляе заключыць часовае перамір’е з непрыяцелям77.
Вясной 1617 г. была распачата выправа каралевіча Уладзіслава. Войска
ўзначаліў Я.К. Хадкевіч, прыняў удзел у ёй і Леў Сапега, хоць і не жадаў свайго
асабістага ўдзелу ў гэтай справе78. Паход не мог прынесці тых пажаданых вынікаў,
на якія разлічваў малады недасведчаны ў палітычных справах каралевіч. Паміж ім
і Львом Сапегай падчас кампаніі ўзніклі супярэчнасці. Сын Жыгімонта, мабыць
атрымаўшы ў спадчыну ад бацькі амбіцыйнасць і нерэальны погляд на рэчы,
мэтай паходу бачыў здабыццё царскага трону. Для канцлера ВКЛ гэта з’яўлялася
толькі сродкам націску на Расію, каб прымусіць яе да саступак у справе заключэн-
ня доўгатэрміновага перамір’я.
Погляд шляхты ВКЛ на пачатковыя поспехі, а таксама няўдачы праламіўся ў
наказах соймавых інструкцый на соймы 1618, 1619 г. Лідская шляхта зафіксавала
ў студзені 1618 г. каб «справа маскоўская… з бяспекай і з дабром Рэчы Пспалітай
Айчызны нашай здзейснена была»79. Шляхта віленская заўважала, што вайна
вялікі цяжарам на ўсіх ляжыць, усклала віну на расійскі народ, што ён не памятае
сваёй прыясгі Уладзіславу і не хоча прыступаць да ніякіх перамоваў80 .Надзвычай
востра ў дадзенай інструкцыі была ўзнята праблема падаткаў. Гучалі папрокі ў
адрас польскай шляхты: «Мы аднак не адным, але двума-трымя паборамі ратавалі
патрэбы РП, а іх міласць пазбягалі нас, нягледзячы на саюз уніі і прысягі прод-
каў»81. Улічваючы, што канфлікт з суседам у такой стадыі, што «патрабуе пільнага
і вялікага ратунку», ваўкавыская шляхта прадпісвала сваім паслам ухваліць два
паборы – чопавае і пагалоўе яўрэйскае, падкрэсліўшы, што гэта «вельмі цяжка для
падданых нашых і нас саміх»82. Пры гэтым было папярэджанне: «А большых
цяжараў паны паслове нашы прыносіць да нас не павінны»83.
Па-сутнасці, лёс інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай у Расійскую дзяржаву быў
вырашаны. Расія, паволі пераступаючы парог смуты і ўваходзячы ў фазу раўнавагі
і стабільнасці, не мела патрэбы ў чужародным манарху. Жыгімонтам ІІІ быў
страчаны спрыяльны час, а разам з ім і шанс на здабыццё шапкі Манамаха хаця бы
для свайго сына. Да таго ж, недахоп сродкаў, пацыфісцкі настрой грамадства ВКЛ
(якое пакутвала ад вайны непараўнальна больш чым Каралеўства Польскае)
вымушалі кіруючыя колы Рэчы Паспалітай адмовіцца ад агрэсіўных намераў і
пайсці на ўрэгуляванне канфлікта мірным шляхам.
11 снежня 1618 г. было заключана Дэўлінскае перамір’е на 14 з паловай гадоў
паміж Каралеўствам Польскім і ВКЛ з аднаго боку і Расйскай дзяржавай з другога.
Рэч Паспалітую прадстаўлялі А. Навадворскі, К. Пліхта, Л. Сапега, А. Гасеўскі,
Я. Сабескі. Ліст гэтых паслоў да Аляксандра Сапегі, старасты аршанскага даносіць на
якіх умовах быў заключаны дагавор84. Па сутнасці, перамір’е замацавала перадачу
Каралеўству Польскаму ва ўладанне Чарнігаўшчыну і Ноўгарад-Северскую зямлю, а
79
ВКЛ – Смаленшчыны і Старадуба Прадугледжваўся абмен палонныммі.
Паведамляючы, адпаведна старым звычаям, аб факце заключэння перамір’я і яго
ўмовах старасце памежных зямель, паслы ад свайго імя, а таксама ад імя яго
каралеўскай міласці і ўсёй Рэчы Паспалітай прасілі аб наступным. «Каб на мяжы
адносна людзей маскоўскіх мір быў захаваны, і за граніцу ў дзяржаву Маскоўскую
людзей рыцарскіх я.к.м. спосабам ваенным не пускалі…» і ўсім людзям на ўскраінах
адносна людзей маскоўскіх і грамад, якія з абудвух бакоў ёсць вольнымі, прысягі па
звыкламу звычаю над перамір’ем, і якую здаўна захоўвалі, трымацца»85.
Неабходна адзначыць, што ўмовы перамір’я выклікалі досыць крытычнае
стаўленне да яго манарха Рэчы Паспалітай, а таксама незадавальненне
Уладзіслава. Сапраўды, прытэнзіі маладога Вазы на царскі прастол былі абыдзены
ўвагай, хоць клопат Жыгімонта ІІІ выкарыстаць правы сына (на сам рэч, мнімыя)
са «значнай карысцю для Рэчы Паспалітай» быў відавочны86.
Нягледзячы на не ажыццяўленне першапачатковых задумаў інтэрвенцыі,
заканчэнне вайны, а менавіта Дэўлінскае перамір’е, можна расцаніць усё ж такі як
поспех дыпламатыі Рэчы Паспалітай, і ў першую чаргу Льва Сапегі, якому
належыла галоўная роля падчас перамоваў з Расіяй.
Сама ж вайна прынесла Рэчы Паспалітай, а найбольш ВКЛ шэраг праблем
фінансава-матэрыяльнага характару. Акрмамя таго, як адзначае беларускі гісторык
П. Лойка, яна ўнесла раскол у адносіны «палітычнага народу» і цэнтральнай улады,
што з’явілася пачаткам дэцэнтралізатарскіх тэндэнцый ў палітычным жыцці дзяржа-
вы87. Адзіным поспехам з’явіліся тэрытарыяльныя набыткі, якія, дарэчы, крыху больш
чым праз дзесяцігоддзе справакуюць новы канфлікт паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай.
_______________________________
1 Записки гетмана Жолкевского о Московской войне / Изд. П.А. Мухановым . – 2-е изд. –
Спб.: Тип. Эд. Праца, 1871. – С. 18.
2 Kognowicki K. Zycia Sapiehów y listy od monarchow, książat, y rożnych panujących do tych że
pisane / K. Kognowicki. – T. 1. Wilna: Drukarnia J. K. Mości przy Akademii, 1790. – T. 1. – S. 84.
3 Sobieski W. Żółkiewski na Kremlu. / W. Sobieski. – Warszawa-Lublin-Łódź-Poznań-Kraków:
G. Gebethner. – S. 27.
4 Korrespondencye Jana Karola Chodkiewicza poprzedzone opisem rękopismów z archiwum
Radziwiłłowskiego, znajdujących się w bibliotece Оrdynacyi Krasińskich polączonej z muzeum
Konstantego Świdzińskiego / Opracował i opisał Chomętowski Wł. – Warszawa: Drukarnia Jana
Jaworskiego, 1875. – S. 111–112.
5 Sobieski W. Żółkiewski na Kremlu… – S. 29.
6 Ibid – S. 11; 51.
7 Volumina legum: w 9 t. / przedruk zbioru praw staraniem xx. pijarow w Warszawe, od roku 1732
do roku 1782, wydanego. – Petersburg: Nakładem i drukiem Jozafata Ohryzki, 1859–1860. – T. 2:
Аb anno 1550 ad annum 1609. – 1859. – S. 475.
8 Памятники обороны Смоленска (1609–1611 гг.) / Издание императорского общества истории
и древностей Российских при Московском университете / под ред. Ю.В. Готье. – М.:
Синодальная типография, 1912. – C. 31.
9 Флоря Б.Н. Русско-польские отношения и политическое развитие Восточной Европы во
второй половине XVI – начале XVII в. / Б.Н. Флоря. – М: Наука, 1978. – С. 276.
80
10 Sobieski W. Żółkiewski na Kremlu… – S. 83.
11 Maciszewski J. Polska a Moskwa 1603–1618. Opinie i stanоwiska szlachty polskiej /
J. Maciszewski. – Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1968. – S. 215.
12 Filipczak-Kocur A. Skarb litewski za pierwszych dwu Wazów 1587–1648 / A. Filipczak-Kocur. –
Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 1994. – S. 63.
13 Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie (AGAD). – Archiwum Radziwiłłów (AR). –
Dz. II. – nr 560. Instrukcja pow. оszmiańskiego, dana posłom na sejm (1611). – S. 1.
14 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 565. Instrukcja pow. mińskiego, dana posłom na sejm (1611). – S. 3.
15 Byliński J. Sejm z roku 1611 / J. Byliński // Prace Wrocławskiego towarzystwa naukowego.
Wrocław. 1970. Seria A. №140. – S. 66.
16 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 561. Instrukcja pow. wileńskiego, dana posłom na sejm (1611). – S. 1.
17 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 560. – S. 1.
18 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 561. – S. 4.
19 Kognowicki K. Zycia Sapiehów... – S. 84.
20 Ibid. – S. 85–94.
21 Archiwum domy Radziwiłłów. Listy M.K. Radziwiłła Sierotki, Jana Zamojskiego, Lwa Sapiehi. –
Kraków: Wyd. Komisyi Hist. Akad.Umiet., 1895. – Т. 8. – S. 253.
22 Byliński J. Sejm z roku 1611... – S. 135, 148.
23 Ibid. – S. 136.
24 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 568. Punkta poselstwa moskiewskiego (1611). – S. 5.
25 Ibid. – S. 4.
26 Maciszewski J. Polska a Moskwa 1603–1618... – S. 248.
27 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 583. Instrukcja woj. mińskiego, dana posłom na sejm walny
warszawski (1613). – K. 1.
28 Ibid. – S. 3.
29 Ibid. – S. 4.
30 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 585. Instrukcja pow. oszmiańskigo, dana posłom na sejm (1613). – S. 2.
31 Ibid.
32 Ibid. – S. 1.
33 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 589. Instrukcja pow. trockiego, dana posłom na sejm (1613). – S. 2.
34 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 583. – S. 2.
35 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 585.
36 Любавский М. Литовский канцлер Лев Сапега о событиях смутного времени / М. Любавс-
кий. – М.: Университетская типография, 1901. – C. 13–16.
37 Maciszewski J. Polska a Moskwa 1603–1618... – S. 256; Byliński J. Dwa sejmy z roku 1613 /
J. Byliński // Akta universitatis wracislaviensis. Wrocław. 1984. Prawo CXVII. – № 689. – S. 67–68.
38 Volumina legum: w 9 t. / przedruk zbioru praw staraniem xx. pijarow w Warszawe, od roku 1732
do roku 1782, wydanego. – Petersburg: Nakładem i drukiem Jozafata Ohryzki, 1859–1860. – T. 3:
Аb anno 1609 ad annum 1640. – 1859. – S. 95–96.
39 Filipczak-Kocur A. Skarb litewski za pierwszych dwu Wazów 1587–1648... S. 65–66.
40 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 593. Instrukcja woj. wileńskiego, dana posłom na sejm walny
warszawski (1613). – S. 1.
41 Ibid. – S. 2.
42 Ibid.
43 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 597. Instrukcja woj. nowogrodzkiego, dana posłom na sejm walny
warszawski (1613). – S. 1–2.
44 Ibid. – S. 2.
45 Ibid. – S. 1–3.
46 Ibid. – S. 1.
81
47 Ibid. – S. 3.
48 Maciszewski J. Polska a Moskwa 1603–1618... – S. 267–270.
49 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 599. Protestacja woj. nowogrodzkiego przeciwko postanowieniom
przeszłego sejmu (1614).; AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 602. Protestacja woj. wileńskiego przeciw
uchwałom uniwersalem ogłoszonym (1614).; AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 603. Protestacja
niektórych obywateli pow. wileńskiego przeciw uchwałonym na sejme poborom (1614).
50 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 602. – S. 1.
51 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 600. List pow. Brasławskiego do Wiłkomierza z prożbą o posilki
przeciw Moskwie (1614). – S. 1.
52 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 607. List pow. orszańskiego z prożbą o naznaczenie zjazdu dla
zaradzenia niebezpieczeństwom od nieprzyjaciół (1614).
53 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 610. List pow. wilkomirskiego do Zygmunta III króla polskiego z
prożbą o położenie końca wojne z Moskwą (1614). – S. 1.
54 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 619. Instrukcja woj. mińskiego, dana posłom na sejm walny
warszawski (1615). – S. 4.
55 Ibid.
56 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 620. Instrukcja pow. oszmiańskigo, dana posłom na sejm (1615). – S. 1.
57 Ibid. – S. 2.
58 Ibid. – S. 3.
59 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 621. Instrukcja pow. kowieńskiego, dana posłom na sejm walny
warszawski (1615). – S. 1.
60 Ibid. – S. 2.
61 Ibid.
62 Ibid. – S. 3.
63 Maciszewski J. Polska a Moskwa 1603–1618... – S. 273.
64 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 628. Instrukcja Zygmunta III króla polskiego, dana posłom na zjazd
główny do Wilna (1615). – S. 2.
65 Ibid. – S. 3.
66 Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego / Opracował H. Lulewicz. – Warszawa:
Neriton, 2009. – T. II: Okresy panowań królów elekcyjnych. XVI–XVII wiek. – S. 208–209, 213.
67 Ibid. – S. 208.
68 Ibid. – S. 213.
69 Ibid. – S. 209–210.
70 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 634. List Aleksandra Gosiewskiego do Krzysztofa II Radziwiłła
donoszący o rozpoczęciu rozmów z Moskwą i wzywający przybycia księcia (1615). – S. 1.
71 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 646 a. Instrukcja pow. lidzkiego, dana posłom na sejm walny
warszawski (1616). S. 1.; AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 646 b. Instrukcja pow. wołkowyskiego, dana
posłom na sejm walny warszawski (1616). – S. 1.
72 Biblioteka Muzeum Narodowego im. Czartoryskich w Krakowie (BCzart). – Rkps. 109. Teki
Naruszewicza. T. 109. (1615–1616). № 103, K. 613.
73 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 646 a. Instrukcja pow. lidzkiego, dana posłom na sejm walny
warszawski (1616). S. 1.
74 Maciszewski J. Polska a Moskwa 1603–1618... – S. 293.
75 Ibid.
76 Ibid. – S. 295–296.
77 Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego... – S. 219.
78 Archiwum domy Radziwillow... – S. 259.
79 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 670 a. Instrukcja pow. lidzkiego, dana posłom na sejm walny
warszawski (1618). – S. 1.
80 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 693. Instrukcja pow. wileńskiego, dana posłom na sejm (1618). – S. 2.
82
81 Ibid.
82 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 691. Wyciąg z instrukcji pow. wołkowyskiego, danej posłom na sejm
(1618). – S. 1.
83 Ibid.
84 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 694. Pismo od posłów do Moskwy wysłanych do Aleksandra Sapiehy
starosty orszańskigo (1618).
85 Ibid. – S. 1–2.
86 AGAD. – AR. – Dz. II. – nr 698. List Zygmunta III, króła poskiego do komisarzy wysłanych do
Moskwy, którym poleca, aby w traktowaniu meli baczenie na prawa syna jego, oraz
bezpieczeństwo i pożytek Rzeczypospolitej (1618).
87 Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай
другой паловы ХVІ – першай трэці ХVІІ ст. / П.А. Лойка. – Мн.: БДУ, 2002. – С. 64.
|